После августа 2020-го многим беларусам пришлось покинуть страну. Одна из них – пресс-секретарь Белорусского дома прав человека (БДПЧ) Евгения Паращенко. В феврале 2021-го в ее квартире и доме ее родителей прошли обыски, тогда же Евгении вместе с сыном удалось выехать из Беларуси. Правозащитница находится в безопасности – и только сейчас решилась рассказать, как проходила ее эвакуация.
«Я рыхтавала дакументы ў міграцыю. Трэба было прыкласці ўласную гісторыю, так што мне мімаволі давялося яе ўзгадваць. У мяне не самая страшная гісторыя: я выязджала «белым шляхам» – самалётам з Беларусі. Разам з мною быў мой сыночак – і няхай гэта ўскладніла вандроўку ў тысячу разоў, але маральна ехаць без Альберта было б усё адно, што сядзець у турме. Мне вельмі дапамагалі: замаўлялі таксоўку, квіткі на самалёты, гатэлі – адна б я не адолела гэты шлях.
І ўсё адно, гісторыя маіх уцёкаў, усе эпізоды таго бясконцага дня – гэта тысячы іголак у сэрца. Бясконцага дня, які пачаўся званком у дзьверы а сёмай раніцы – такім працяглым і нахабным званком, які не пакідаў сумневаў: хто і па што прыйшоў?
І за званком мой погляд у вочка на чорныя галовы амонаўцаў на пляцоўцы – dідовішча, на якое я не забудуся ніколі.
І вось, пасля другога ператрусу, я стаю пасярод кватэры, якую мне цягам 20 хвілінаў трэба пакінуць назаўсёды. Часу вобмаль, бо трэба паспець на начны самалёт з Менску, а я ў Гомелі. Да таго ж наперадзе галоўная інтрыга: арыштуюць мяне на мяжы ці не, як маю калегу Таццяну Ласіцу. Таму з намі на таксоўцы ў Менск паедзе мая мама, каб паспрабаваць забраць Альберта ў выпадку майго арышту.
Кватэра арандаваная, я ў яе больш не вярнуся. Аднак мы пражылі ў ёй пяць гадоў. Вось я машынальна папраўляю плед на ложку – бессэнсоўна, больш у ім ніхто не будзе спаць. Вось вопратка, сабраная для мыцця, – ніхто больш не запусціць тут пралку. Вось гармідар у дзіцячым пакоі (дзіцячыя рэчы перагарнулі ўсе дагары нагамі – шукалі там найбольш), я не прыбірацьму яго, бо ўсё тут трэба складаць у скрыні і кудысьці вывозіць. Мае кветкі... Карацей, у мяне больш няма хатніх раслін.
І вось я гляджу апошні раз на свой ДОМ і пакідаю яго назаўсёды.
Рэчы для мяне і Альберта я сабрала за 20 хвілін. Мне здавалася, што я добра сябе кантралюю. Але, напэўна, я была крыху ў непрытомным стане. Я чамусьці ўзяла маленькую торбу. Палову з яе я запоўніла памперсамі, якія можна купіць на кожным рагу. Узяла плед, які для Альберта пашыў дзядуля (і ён заняў другую палову торбы). Захапіла маленечкую летнюю коўдрачку, якую для нованароджанага Альберта таксама пашыў дзядуля, каб яму не спякотна было ўлетку ў вазку. І ўзяла гірлянду з зорачкамі.
Напэўна, мне хацелася захапіць паболей рэчаў, якія б нагадвалі пра дом. Я не ўзяла шмат чаго патрэбнага, затое плед, коўдрачка і гірлянда з зоркамі са мной.
Гэтую гірлянду я першай дастала з торбы, калі мы з Альбертам праз шмат гадзінаў увайшлі ў гатэль у Кіеве. Я паклала яе на палічку над ложкам, запаліла, і мы абодва схаваліся пад коўдру, абняліся і заснулі нарэшце. Нашая вандроўка (дакладней, уцёкі) яшчэ былі далёкімі ад заканчэння, але ў той момант я ўпершыню ад таго, як убачыла чорнагаловых, адчула палёгку.
P.S.
А на фота я (чырвоны капюшон) сядаю ў міліцэйскую машыну (амонавец адчыняе мне дзьверы), каб ехаць з ператрусу ў бацькоў на ператрус у маёй кватэры. Фота зрабіў нехта з бацькоў, калі яшчэ было не вядома, пабачаць яны мяне пасля ператрусу ці не.