З пачатку вайны з Украіны выехалі мільёны людзей, некаторыя беларусы зрабіліся двойчы бежанцамі. Але ж і сама Беларусь перажывае новую хвалю міграцыі – і вам добра вядома, што найбліжэйшыя краіны зараз літаральна перагружаныя ўцекачамі. Але што, калі разглядаць менш пракладзеныя маршруты? KYKY паразмаўляў з беларускай Дар'яй Трафімавай, якая ўжо восем гадоў жыве ў Сербіі — пра кошты, менталітэт і адрозненні гэтай краіны ад краін ЕС.
Калі вы хочаце, каб каманда KYKY працягвала асвятляць важнае з жыцця беларусаў – падпішыцеся на наш Patreon за мерч і іншыя бенефіты. Ці зрабіце хуткі данат проста на гэтым сайце (акно для данатаў пад гэтым артыкулам).
«Дзе вы былі 8 год?! Я была ў Сербіі»
«Я вучылася ў менскім ліцэі БДУ і планавала паступаць у Маскву, але ў апошні момант перадумала — зразумела, што хачу застацца ў Беларусі і размаўляць па-беларуску. Але з-за таго, што ўвесь час я рыхтавалася да расійскага АДЭ, мае планы па паступленне змяніліся, таму што прыйшлося здаваць ЦТ. Лёс склаўся так, што ў выніку я патрапіла на філалагічны факультэт па спецыяльнасці «славянская філалогія», дзе ў той момант была руска-сербская пара. Праз год майго навучання міністэрства адукацыі Сербіі даслала ў Беларусь адну стыпендыю на поўны тэрмін — яе атрымала я. І, нядоўга думаючы, склала рэчы ў валізку і паехала. Гэта адбылося ў 2014-м, таму на пытанне «дзе вы былі 8 год?» я магу адказаць, што была ў Сербіі. І зараз жыву ў Белгарадзе.
Калі гугліць фота Бялграду, можна пабачыць прыгожыя, у тым ліку, гістарычныя будынкі, але насамрэч большасць з іх размалявана — і звычайна гэта не прыгожыя муралы, а нейкія надпісы. Таксама тут вельмі шмат разваленых дамоў, таму што сербы не займаюцца падтрыманнем архітэктуры. Але прырода ў краіне вельмі прыгожая! У Сербіі ёсць горы, мора няма, але заўсёды можна з'ездзіць у суседнюю Чарнагорыю на пляж. Надвор'е тут лепшае за беларускае — зіма працягваецца прыкладна месяц, і ўжо некалькі гадоў снегу амаль няма. У гэтым лютым, напрыклад, было неяк +15+17, але потым тэмпература рэзка апусцілася да нуля. Цалкам зіма не халодная, максімальны мінус, які быў тут, -10, але ён трымаўся літаральна пару дзён. А летам тут вельмі спякотна, вышэй за 30 градусаў амаль усе тры месяцы.
Што датычыцца палітыкі, у Сербіі шмат так званых «ватнікаў» і вялікая любоў да Расіі, але пры гэтым тут жыве шмат людзей, якія глядзяць у бок Еўропы. Прэзідэнт Сербіі, Аляксандр Вучыч, якога, хутчэй за ўсе, перавыберуць ужо ў красавіку, падмяў пад сябе ўладу і зараз сядзіць на шпагаце, як калісьці Лукашенка. Сербскі рэжым крыху аўтарытарны, але ён і блізка не стаіць каля таго, што адбываецца ў Беларусі і Расіі. Эканамічна Сербія больш скіраваная да Еўропы. А яшчэ ў Бялградзе ёсць маленькая, але моцная беларуская дыяспара.
Гавораць тут на сербскай — расійскую мову вучылі ў школе амаль усе старэйшыя за 40 гадоў, але гэта было даўно і няпраўда. Звычайна сербы ведаюць толькі пару расійскіх слоў, але тут большасць валодае ангельскай. Сербская мова не цяжкая, яна славянская, таму ў ёй шмат падобных слоў з беларускай і ўкраінскай мовамі. Напрыклад, прывітанне на сербскай — «здраво». Гэтую мову рэальна вывучыць на базавым узроўні (каб стасавацца ў крамах і барах) за паўгода.
Што яшчэ трэба ведаць, у Бялградзе кожны год праходзіць лгбт-прайд — калі я прыехала, у 2014-м, ён ужо існаваў. Гамафобіі ў краіне ўсе адно шмат, але абставіны далёка не такія кепскія, як у Беларусі — прэм'ер-міністарка Сербіі адкрытая лесбіянка. Праўда, яе ўступленне на пост ніяк не дапамагло змяніць законы пад ЛГБТК+ супольнасць. Аднаполыя шлюбы ў Сербіі дагэтуль не дазволены, але гей-клубы, як і драг-тусоўкі, існуюць даўно і выдатна.
Даходы
Сістэма навучання ў Сербіі іншая за беларускую — за гэтыя 8 гадоў я паспела таксама паўтара гады правучыцца на стыпендыі ў Нарвегіі. Потым у мяне былі праблемы са здароўем — з-за ўсяго гэтага я яшчэ давучваюся. Паралельна падпрацоўваю рэпетытарам, але не на поўную стаўку. Працуе і зарабляе мой партнёр, таму мой бюджэт нашмат вышэйшы, чым я атрымліваю (смяецца).
Нацыянальная валюта Сербіі — дынар (RSD), але тут амаль усе кошты прывязаны да еўра. За арэндную кватэру, напрыклад, ты плаціш заўсёды ў гэтай валюце. Таму пра грошы я таксама буду казаць у еўра.
Мая стыпендыя — каля 130 еўра на месяц, гэтага ў Сербіі хапае на кіно і цукеркі. Ад рэпетытарства на месяц зарабляю яшчэ 200-250 еўра. Мой хлопец працуе ў брокерскай кампаніі, яго заробак залежыць ад бонусаў, але ў сярэднім ён зарабляе прыблізна 1200-1700 еўра на месяц. Калі казаць груба, на месяц на дваіх мы маем каля 2000 еўра — і гэтага хапае на досыць камфортнае жыццё. Напэўна, мінімальна на дваіх у Сербіі трэба каля 1500 еўра з улікам, што ў вас няма свайго жылля. Сярэдні заробак у краіне — недзе 500 еўра, калі ёсць свая кватэра, на аднаго гэтых грошай у прытык, але хапае. Калі я прыехала ў гэтую краіну, узровень жыцця тут быў прыкладна падобны да беларускага, але за 8 гадоў ён значна вырас і абагнаў Беларусь. Напрыклад, выкладчыкі тут зарабляюць больш, чым у нас.
Заробак майго хлопца блізкі да айцішных сербскіх заробкаў — як і ў Беларусі некалі, айцішнікі тут зарабляюць амаль больш за ўсіх. І зараз гэтая сфера ў Сербіі актыўна развіваецца. Таксама і беларускія ІТ-кампаніі адкрываюць офісы ў Бялгарадзе. Я дакладна ведаю, што EPAM альбо ўжо адчыніў тут офіс, альбо зробіць гэта ў бліжэйшы час.
Арэнда
Бялград — адносна невялікі горад, па памеры падобны да Мінску. Але кошт на арэнду кватэры вельмі залежыць і ад яе памеру, і ад раёна — чым бліжэй да цэнтру, тым даражэй. Я здымаю «паўтарашку» далекавата ад цэнтра (на таксі ехаць хвілін 15), і мы плацім 200 еўра за арэнду. Такая ж кватэра ў цэнтры горада каштуе недзе 300-350 еўра. У Бялградзе вельмі шмат «бабушатнікаў», але я кажу пра кошты на кватэры з добрым рамонтам. Мы, напрыклад, здымаем жыллё ў новым доме.
Увогуле, у Бялградзе не так проста знайсці кватэру — попыт вельмі вялікі, таму што тут таксама здымаюць жыллё і самі сербы, якія прыязджаюць у сталіцу з іншых гарадоў (Сербія — вельмі цэнтралізаваная краіна, як і Беларусь). А вось наплыву бежанцаў я пакуль не заўважыла, таму гэты момант зараз ніяк не ўплывае на рынак нерухомасці.
Набыццё кватэры ў Бялградзе каштуе недзе 1200-1500 еўра за квадратны метр. То бок за маленькую кватэру можна аддаць недзе 50 000-60 000 еўра, але, зноў жа, у больш далёкім ад цэнтра раёне будзе танней.
Камунальныя плацяжы ў зімні месяц складаюць прыкладна 100 еўра, улетку — недзе 30 еўра. Найбольш мы плацім за ацяпленне, але ў маёй кватэры няма газу і ёсць бойлер. У гэтым сэнсе Сербія — спецыфічная краіна, таму што тут далёка не паўсюль ёсць цэнтральнае ацяпленне, на што таксама трэба звяртаць увагу пры арэндзе. Увогуле ёсць тры варыянты: тое самае цэнтральнае ацяпленне, але звычайна яно шмат каштуе — да 100-200 еўра ў месяц. Ацяпленне пад назвай «нарвежскія радыятары» — гэта, па сутнасці, электрычныя батарэі. У мяне як раз такія, таму я плачу толькі за электрычнасць (ад 100 еўра ў камуналцы зімой яна будзе займаць недзе 70 еўра). Трэці тып — зусім дзіўная штука, па памерах, як ляжачая лядоўня, толькі абагравальнік. Да халеры займае месца, вельмі кепска абагравае і шмат каштуе.
Мая парада: калі вам усе адно, у які сербскі горад ехаць, выбірайце не Бялград, а Новы-Сад — там нашмат прыемней і кватэры з камуналкай танней. Гэты горад маленькі, падобны па памерах на нашыя Баранавічы, але вельмі сімпатычны і з добрай інфраструктурай. Нейкі час Бялград быў пад уладай Турцыі, а Новы-Сад — не, толькі пад уладай Аўстра-Венгрыі, таму ў гэтым горадзе абсалютна еўрапейская архітэктура, ды і культура таксама адрозніваецца. Калі б у мяне не было прывязкі да Бялградзе, я б сама пераехала туды.
Яшчэ трэба ведаць, што Бялград — найбольш забруджаны горад у Еўропе. Тут бывае час, калі ты не можаш адкрыць вокны ці выйсці на шпацыр, таму што дыхаць паветрам немагчыма нават у некалькіх масках. Гэта сезонная з'ява, звычайна адбываецца ў апошні месяц восені і часткова ў зімовы перыяд. Дык вось, Новы-Саду гэта праблема датычыцца таксама менш.
Ежа і адзенне
Базавыя прадукты ў Сербіі каштуюць нармальна: малако, як і літр сланечнікавага алею, можна набыць за 1,5 еўра, хлеб — да еўра. Садавіна і гародніна ў сезон яшчэ танней — сербскія яблыкі ўлетку каштуюць 30 цэнтаў за кіло, ды і ўзімку не моцна даражэй. Цалкам, на дваіх адзін раз схадзіць у краму і затарыць лядоўню будзе каштаваць прыкладна 20-30 еўра. Увогуле ў Сербіі фокус на іншай ежы, звыклыя беларусам прадукты тыпу грэчкі, можна знайсці, але яны будуць і горш, і даражэй. У сербаў папулярны сыр — у крамах вельмі шмат варыяцый белага сыру, яйкі, салёныя агуркі і іншыя падобныя кансервацыі. А яшчэ сербы любяць воцат, дадаюць яго практычна ў кожны салат, і мяса. Тут літаральна ўсё гатуюць з мяса! А я — вегетарыянка, але зараз гэта ўжо не праблема, таму што з'явілася шмат месцаў з вегетарыянская кухняй. Дастаўка ежы таксама ёсць, у Бялградзе працуюць Glovo, Wolt.
Цыгарэты ў Сербіі танныя, у сярэднім каштуюць 2-2,5 еўра за пачак, алкаголь таксама недарагі. У асноўным сербы п'юць ракію — гэта саракаградусная гарэлка, зробленая з усялякай садавіны (не блытаць з бырлам). Добрае віно даражэй, у тым ліку, сербскае, за бутэльку можа каштаваць 10-15 еўра. Набываць алкаголь можна кругласутачна і нават піць яго на вуліцы — у Сербіі гэта нікога не турбуе.
Калі казаць пра адзенне, у асноўным сербы затарваюцца ў масмаркеце тыпу H&M і ZARA. Там можна набыць, напрыклад, джінсы, джэмпер і кашулю і ўкласціся ў 100 еўра. Нават, менш, калі ёсць зніжкі. Louis Vuitton, Prada і далей па спісе ў Бялградзе таксама ёсць, але крам тыпу ЦУМа тут няма. Культура сэканд-хэндаў таксама ў сербаў ніякая. Па-першае, іх мала, па-другое — гэта маленькія, не вельмі прыгожыя крамы, таму я ніколі туды не заходзіла.
Касметыка і дагляд
У Бялградзе працуе Sephora. Гэта больш лакшэрі-крама, таму кошты там у 2-3 разы вышэйшыя, чым сярэднія па горадзе. Больш папулярныя — крамы а-ля амерыканскіх drugstore, дзе прадаюць і лекі, і касметыку. Там набыць добры крэм і ўмывалку для твару можна еўра за 10.
Барбершопаў у Бялградзе мала, але яны ёсць. Якія там кошты, шчыра кажучы, не ведаю. Затое цырульняў — колькі хочаш. Жаночая стрыжка каштуе ад 10 да 20 еўра, можна знайсці і даражэйшы варыянт, мужчынская менавіта будзе танней. Манікюры-педыкюры таксама робяць, каштуе гэта прыкладна 10-15 еўра. Дарэчы, якраз у гэтай сферы шмат рускамоўных спецыялістаў — часцей за ўсё, гэта тыя, хто прыехаў у Сербію з СНД. І падобныя спецыялісты дагэтуль запатрабаваныя, таму што ніша яшчэ не моцна занятая, а попыт вялікі.
Транспарт, сувязь і айфоны
Сімку для мабільнай сувязі можна набыць у любой краме, яна каштуе каля трох еўра. У мяне PrePay, ды і тэлефонам я асабліва не карыстаюся, таму за месяц магу плаціць за сувязь каля пяці еўра. У Сербіі ёсць розныя тарыфныя планы, але звычайна ўсе яны так сабе і даражэй, чым у Беларусі. Таму раю загадзя выбіраць і план, і аператара. За хатні інтэрнэт я плачу 15 еўра на месяц, гэта сярэдні кошт па горадзе, — у мяне безліміт на досыць добрай хуткасці.
Тэхніка Apple тут ёсць, але каштуе яна даражэй, чым у Еўропе. Напрыклад, зараз у Бялградзе самы апошні iPhone 13 Pro Max можна набыць за 1500 еўра. Не сербам гэта можна зрабіць толькі адзіным плацяжом — растэрміноўку ў Сербіі нават пры наяўнасці ВНЖ ўзяць няпроста.
Што да грамадскага транспарту, метро ў Сербіі няма, тут ездзяць на аўтобусах, тралейбусах і трамваях. Адна паездка каштуе каля 80-90 цэнтаў, каб аплаціць яе, трэба набыць картку BusPlus. Маршруткі ёсць, але фактычна і няма — усяго ў Бялградзе тры маршрутных лініі, і ходзяць бусы вельмі рэдка.
Шмат сэрвісаў таксі, але гэта паслуга дарагая — каб мне за 15 хвілін даехаць да цэнтра, трэба заплаціць каля 6 еўра. А вось каршэрынг у Сербіі пакуль увогуле не развіты, я нават яго тут не бачыла, затое бензін каштуе не шмат, недзе 1,5-1,7 еўра за літар.
Медыцынскае абслугоўванне
Прыватная медыцына ў Сербіі нашмат танней, чым у Еўропе, і яна нядрэнная (чаго не скажаш пра дзяржаўныя паліклінікі). Напрыклад, палячыць адзін зуб каштуе ўсяго 20-25 еўра, то бок можна прыязджаць сюды з еўрапейскіх краін ставіць пломбы. Кансультацыі ў лекараў агульнай практыкі будуць каштаваць не больш за 10 еўра, а вузкіх спецыялістаў — бліжэй да 20-25. А каб здаць базавыя, трэба каля 15-20 еўра. І каб патрапіць да лекара, ВНЖ не патрэбен.
Але пры гэтым усе роўна лепш аформіць мед. страхоўку (гэта таксама магчыма зрабіць без ВНЖ). Яны ёсць розныя, але ў сярэднім базавую страхоўку можна набыць недзе за 20 еўра на месяц, і ў яе будуць таксама ўваходзіць кансультацыі з лекарамі.
Адукацыя
Дзяржаўныя школы ў Сербіі добрыя і бясплатныя нават для дзяцей эмігрантаў і бежанцаў, але навучанне, вядома, праходзіць на сербскай і займае 12 класаў. Рускамоўныя, міжнародныя школы таксама ёсць, але яны прыватныя і каштуюць досыць дорага. Напрыклад, рускамоўная школа ў Бялградзе існуе пры расійскім пасольстве і каштуе каля 300 еўра на месяц.
З універсітэтамі абставіны горш. Галоўны сербскі ВНУ знаходзіцца ў Бялградзе і прымае замежнікаў толькі на платнай падставе. Прычым навучанне каштуе даражэй, чым для сербаў — ад 1500 еўра на непапулярным факультэце да 6000 еўра ў медыцынскім за год. Затое там ёсць навучанне на ангельскай. Стыпендый зараз фактычна няма, але, мабыць, сербы зробяць нейкія праграмы для бежанцаў. Што цікава, сербскі дыплом медыка альбо інжынера добра ўспрымаецца ў свеце, але, шчыра кажучы, сама адукацыя тут не вельмі добрая. Па сутнасці, увесь час ты вучышся сам, таму што выкладчыкі практычна не даюць табе ведаў.
Забавы
У Бялградзе я хаджу ў модныя кінатэатры а-ля беларускага Silver Screen. Але, мабыць, і не настолькі модныя — неяк я была ў мінскім Falcon — такога ўзроўню, канешне, у Сербіі пакуль няма (затое IMAX ёсць). Квіток у кіно ў сярэднім каштуе 3-5 еўра.
А вось рэстаранна-барная культура тут вельмі развітая, таму што паміж варыянтамі сядзець дома альбо ў кавярні, сербы абяруць кавярню. Амаль усе месцы ў горадзе заўсёды забітыя людзьмі. Ёсць і мясцовыя рэстараны, і больш дарагія еўрапейскія. У добрым месцы можна наесціся і напіцца (алкаголю таксама) да смерці за 35 еўра. У сербаў порцыі такія, што іх яшчэ паспрабуй з'есці! Дарэчы, у Бялградзе ўжо знялі ўсе ковідныя абмежаванні, але і дагэтуль тут усё працавала. Сербія — краіна, дзе ўсім пофіг на абмежаванні.
Сербы вельмі любяць вечарыны, да пандэміі Бялград нават называлі другім Берлінам па колькасці тусовак. Але часцей за ўсё ў мясцовых клубах грае сербская музыка, таму што сербы любяць яе больш за еўрапейскую. Іх музыка ўвогуле паўсюль.
Што патрэбна беларусу, каб патрапіць у Сербію
Беларусам можна заехаць у Сербію без візы і прабыць тут 30 дзён. Потым альбо атрымліваць ВНЖ, альбо зрабіць так званы візаран — выехаць нават на некалькі гадзін у Чарнагорыю, Македонію альбо Албанію, якія таксама бязвізавыя для нас, і гэтыя 30 дзён абнуляцца.
Каб атрымаць ВНЖ, можна скарыстацца, у тым ліку, двума адносна лёгкімі спосабамі. Першы — адкрыць ІП, напрыклад, калі вы збіраецеся працаваць у б'юці-сферы. Калі вы занятыя ў ІТ, можна проста ўладкавацца ў мясцовую кампанію і яна сама будзе займацца вашай легалізацыяй. Але ў Сербіі цяжка знайсці працадаўцу, які на гэта пагодзіцца. Другая падстава — купля маёмасці. Можна набыць дом недзе побач з гарамі за якіх-небудзь 15 000 еўра (прырода ў Сербіі прыгожая, але інфраструктура — не вельмі, таму лепш адразу набываць і машыну), і займець з гэтага від на жыхарства. Дарэчы, толькі грамадзянам Беларусі, а яшчэ, здаецца, Манголіі і Македоніі, падача дакументаў на ВНЖ каштуе менш за 10 еўра.
Калі вам цікавыя больш дакладныя дэталі, як уладкавацца ў Сербіі, можна напісаць мне ў інстаграм, я вышлю падрабязны гайд па краіне, які напісала наша дыяспара».
Замест вынікаў
Калі вы сабраліся эміграваць у Сербію, вам спатрэбіцца каля 300 еўра на арэнду жылля разам з камуналкай. Яшчэ каля 200 еўра ў месяц — каб аплачваць ежу (пры ўмове, што ў вас няма шкодных звычак). Не менш за 5 еўра на мабільную сувязь, 15 еўра — на хатні інтэрнэт. Недзе 25 еўра на грамадскі транспарт і яшчэ 20 еўра на медыцынскую страхоўку. Такім чынам, калі ў вас няма дзяцей, вы нячаста наведваеце бары і не прывыклі марнаваць шмат грошай у крамах адзення і салонах красы, вы пражывеце месяц у Бялградзе на прыкладна 565 еўра.
«Зараз вельмі цяжка строіць планы, але я дакладна не бачу сябе ў будучыні ў Бялградзе. Шмат чаго мне тут не падабаецца, накшталт бруднага паветра і гэтак далей. Пры гэтым я ўпэўнена, што Сербія досыць неблагі варыянт для эміграцыі, у тым ліку, тэрміновай. Асабліва, калі ехаць не ў Бялград, а ў Новы-Сад, альбо нават у горы».