R.I.P. Eric Rohmer (1920-2010)

Кино
Алеся Медушевская - белорусский киноколумнист журнала КУ.

11 студзеня ў Парыжы памёр французскі кінарэжысёр Эрык Рамер. 21 сакавіка ён мог бы адзначыць свой 90-ы дзень нараджэння.

Марыс Шэрэр паходзіў з заможнай буржуазнай сям’і. Не ўпэўнены, што занятак кінарэжысурай будзе ўхвалены роднымі, ён доўгі час казаў ім, што працуе школьным настаўнікам.

Працаваў ён, між тым, у Revue du cinema, Gazette du cinema і галоўным чынам Cahiers du cinema пад псеўданімам-анаграмай Эрык Рамер, які абраў у 1955 годзе. У «Кайе» ён тэарэтычна абгрунтоўвае эстэтыку «новай хвалі»: сюжэты са штодзённага жыцця, малавядомыя акцёры, здымкі на вуліцы і выкарыстанне натуральнага святла, агульная ўстаноўка на натуральнасць і нязмушанасць. Паступова ён усталёўвае культ Хоукса і Хічкока, зняважаных афіцыйнай крытыкай. Разам з Клодам Шабролем яны пішуць першую манаграфію, прысвечаную Хічкоку. Імёны Рэнуара, Расселіні і Мурнау дапаўняюць ўласны культавы спіс Рамера.

З 1957 па 1963 год Эрык Рамер узначальвае рэдакцыю часопіса Cahiers du cinema, дзе ў гэты час побач з ім у якасці кінакрытыкаў працуюць Жан-Люк Гадар, Жак Рывет і Франсуа Труфо.

Рамер (між іншым, аматар класічнага кадра 1х1,33) прытрымліваўся распрацаванай ім эстэтычнай праграмы на працягу ўсёй сваёй творчасці. У 1959 годзе ён здымае свой першы фільм «Знак Льва» (Le Signe du lion, 1959), гісторыю пра музыканта, якога ахоплівае апатыя і які за некалькі тыдняў ператвараецца ў бадзягу. Нагадаем, што 1959 год – гэта яшчэ і год «400 удараў» (Les quatre cents coups) Труфо і «На апошнім дыханні» (À bout de souffle) Гадара. Але фільм Рамера праваліўся – ён не меў поспеху ні ў гледачоў, ні ў крытыкаў. Пасля Рамер абірае і доўгі час працуе ў серыяльнай форме, стварае цыклы фільмаў «Маральныя гісторыі» (Six contes moraux, 1963-1971), «Камедыі і прыказкі» (Comédies et proverbs, 1981-1987), «Казкі чатырох паравін года» (Contes des quatre saisons, 1990-1998) і «Гістарычныя драмы» (Drames historiques, 2001-2007).

Французскі кінакрытык Серж Даней (галоўны рэдактар «Кайе дзю сінема», 1973-1981) называў Рамера «этнолагам нумар адзін французскага грамадства»:

«…як кожны этнолаг, ён жыве супярэчнасцю: ён любіць толькі сваіх дзікуноў, але ён заўжды бачыць іх збоку, як дакладную суму жэстаў, на якія яны здольныя, словаў, у якія яны сябе апранаюць, і звычак, за якімі яны сябе хаваюць. Калі ён здымае буржуа (якія па сутнасці не працуюць, не стамляюцца, застаюцца заўжды элегантнымі), Рамер выкарыстоўвае адпускны і пагардлівы тон. Калі ён здымае дробную буржуазію (у якой праблемы з працоўным графікам, транспартам, працай, людзі, якія працуюць, але ўяўляюць сябе незанятымі і вольнымі), Рамер выбірае халаднаватае асвятленне, з прыглушанымі сінімі танамі, непрыгожыя дэкарацыі, манеру бязлітасную да таго, што ёсць у гэтым свеце наіўнага…» 

Суцэльны і своеасаблівы корпус фільмаў Рамера выдатна прааналізаваны кінакрытыкам Інай Кушнаровай у артыкуле «Энтамолаг французскага грамадства нумар адзін» , дзе вольная і ўдалая гульня з перастаноўкай літар (этнолаг – энтамолаг) дала магчымасць разглядаць чалавека як насякомага.

Фабрыс Лукіні, адзін са сталых рамераўскіх акцёраў, неяк сказаў, што фільмы Рамера – гэта «Элен і хлопцы». А Серж Даней працягнуў гэтыя разважанні наконт рамераўскай серыйнасці ў рэцэнзіі на «Ночы поўні» (Les Nuits de la pleine lune, 1984):

«Задавальненне не толькі ў тым, каб убачыць фільм Эрыка Рамера, але ў тым, каб убачыць, як хутка ён змяняе папярэдні фільм таго ж Эрыка Рамера. Гэта задавальненне ад серыйнасці, якое стала сёння даволі рэдкім».

 

                                                                                                                        «Каханне Астрэі і Селадона»

У 87 гадоў Рамер здымае свой апошні фільм «Каханне Астрэі і Селадона» (Les Amours d'Astree et de Celadon, 2007) і абвяшчае аб заканчэнні рэжысёрскай кар’еры.

 

                               Мельвіль Пупо ў фільме «Летняя казка» (1996) 

          Фабрыс Лукіні ў фільме «Ночы поўні» (1984)

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Платон & Марко Феррери

Кино

Нас интересует классика мировой литературы в связи с золотой классикой мирового кинематографа.